ПРАТЭСТА́НЦКІ ХАРА́Л,

духоўны гімн нямецкай пратэстанцкай царквы. Спяваўся ўсёй абшчынай на роднай (ням.) мове, напачатку аднагалосна, пазней на 4 галасы ў строгім акордава-гарманічным складзе. Асн. крыніцамі П.х. былі ням. і лац. духоўныя песні, грыгарыянскія спевы ў ням. перакладах; ужывалася тэхніка кантамінацыі (стварэнне новага тэксту да вядомай мелодыі рэлігійнага ці свецкага паходжання).

Узнік у Германіі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—25. Выконваў ключавую функцыю ў кульце рэфармацыйнай царквы. аналагічную грыгарыянскаму харалу ў каталіцкай царкве. П.х. роднасны духоўным гусіцкім (Чэхія), фламандскім, гугеноцкім (Францыя), пурытанскім (Англія), і інш. песням рэфармацыйных плыней. Найважнейшую ролю ў фарміраванні і прапагандзе рэпертуару П.х. адыгралі М.​Лютэр і І.​Вальтэр, распачаўшы друкаванне зб-каў П.х. «Erfurter Enchiridien» («Эрфурцкія Энхірыдыёны»), «Geystliches Gesangk Büchleyn» («Кніжачка Духоўных спеваў», 1524). За першыя дзесяцігоддзі Рэфармацыі з’явілася больш за 200 канцыяналаў (Г.​Люфта, І.​Клюга, Г.​Рау, В.​Бабста і інш.). У 16—18 ст. П.х. стаў асновай стварэння жанраў харальнай апрацоўкі: харальная прэлюдыя, матэт, кантата, канцэрт і інш.

Т.​У.​Ліхач.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)